БІБЛІЯТЭ́КА ПРЭЗІДЭ́НЦКАЯ Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1933 у Мінску на базе даведачных б-к ЦВК, СНК, Дзяржплана, асобных наркаматаў БССР як філіял Дзярж. б-кі і бібліягр. ін-та БССР. У 1936 рэарганізавана ў самастойную навук. б-ку, з 1938 — урадавая, з 1994 — прэзідэнцкая. У Вял. Айч. вайну яе фонд (каля 250 тыс. экз.) знішчылі ням.-фаш. захопнікі. Аднаўленне пачалося ў 1944. Кніжны фонд (на 1.1.1996) больш за 1,2 млн. экз. З’яўляецца фондатрымальнікам Рэсп. даведачна-інфарм. фонду па пытаннях дзярж. права і эканомікі, каардынацыйным і метадычным цэнтрам для б-к Беларусі па бібліятэчным і інфарм. забеспячэнні мясц. органаў самакіравання. У фондзе рэдкіх і каштоўных выданняў (10 710 адзінак) вылучаны калекцыі беларусікі 18—20 ст., старадрукаў 16—18 ст., выданняў рус. грамадскага руху 1700—1825, нелегальнага і забароненага цэнзурай друку 19 ст., марксісцкага і рэв.-дэмакр. друку 1905—07. Захоўваюцца часткі Радзівілаў бібліятэкі, Супрасльскага Благавешчанскага манастыра бібліятэкі, Рус. Тургенеўскай б-кі ў Парыжы, б-кі П.М.Лепяшынскага, асобныя выданні з б-к Баркалабаўскага манастыра, бел. гімназій і семінарый, кнігазбораў Б.І.Эпімах-Шыпілы, К.Б.Езавітава, Ф.Г.Шантара і інш. Б-ка мае выданні Пецярбургскай археагр. камісіі, Віленскай археаграфічнай камісіі, Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, працы па гісторыі, выдадзеныя Ін-там бел. культуры і АН БССР, манаграфіі і публікацыі М.В.Доўнар-Запольскага, Дз.І.Даўгялы, Я.Ф.Карскага, А.П.Сапунова, У.І.Пічэты і інш. Сярод іх — «Беларускі архіў старажытных грамат» (1824), «Збор старажытных грамат і актаў гарадоў Мінскай губерні...» (1848), «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года» (1854), «Памятныя кніжкі» Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ., выпускі Мінскай, Магілёўскай і Полацка-Віцебскай «даўнін», «Акты, якія адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі» (1846—53), «Акты, якія адносяцца да гісторыі Паўднёвай і Заходняй Расіі» (1863—92). Зберагаюцца дарэв. і сав. часопісы і газеты, у т. л. газеты «Наша доля» і «Наша ніва», час. «Наш край». У б-цы вядуцца ген. алфавітны каталог кніг на бел. мове, сістэматычны каталог кніг пра Беларусь, гал. даведачныя картатэкі па дзярж. будаўніцтве, праве і эканоміцы, нар. гаспадарцы. Б-ка выдае метадычную серыю «Праблемы бібліятэчна-бібліяграфічнага забеспячэння мясцовых органаў дзяржаўнай улады і кіравання Рэспублікі Беларусь». Мае 2 філіялы і 6 бібліятэчных пунктаў у дзярж. установах.

Літ.:

Издания Правительственной библиотеки им. А.М.Горького. Мн., 1983.

В.М.Герасімаў.

т. 3, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)